МАТЭРЫА́ЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
працэс забеспячэння патрэб прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў сродкамі і прадметамі працы для выкарыстання ў сферах матэрыяльнай вытворчасці і невытворчай дзейнасці. Уключае вызначэнне патрэб у матэрыяльных рэсурсах, іх размеркаванне (праз дзярж. заказ або праз рынак), арганізацыю паставак у месцы непасрэднага выкарыстання, а таксама фарміраванне гасп. сувязей паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі. Патрэбы ў неабходных рэсурсах вызначаюцца, зыходзячы з аб’ёму выпуску прадукцыі, норм затрат сыравіны і матэрыялаў, запасаў. Гасп. сувязі паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі арганізуюцца з улікам вытворчасці, транспарціроўкі і спажывання прадукцыі. Адрозніваюць прамыя гасп. сувязі, калі ўсе ўмовы паставак вызначаюцца і ўзгадняюцца самімі вытворцамі і спажыўцамі, і апасродкаваныя, калі ўмовы паставак вызначаюцца пры ўдзеле органаў забеспячэння і інш. пасрэдніцкіх арг-цый.
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)